Tip:
Highlight text to annotate it
X
Translator: Hanna Baradzina Reviewer: Maryia Anishchankava
Мы не раз чуем, што пра чалавека можна шмат сказаць,
паглядзеўшы на ягоныя кніжныя паліцы.
Што мае кніжныя паліцы кажуць пра мяне?
Калі я задала сабе такое пытанне некалькі год таму,
да мяне прыйшло трывожнае азарэнне.
Я заўжды лічыла сябе даволі культурнай,
касмапалітычнай асобай.
Але мае кніжныя паліцы распавядалі зусім іншую гісторыю.
Збольшага ўсе кніжкі
былі брытанскага або паўночнаамерыканскага паходжання,
і амаль ніводная з іх не была перакладам.
Гэткая вялізарная культурная белая пляма ў чытанні
стала для мяне сапраўдным шокам.
І калі я пра гэта падумала, мне стала вельмі сорамна.
Я была ўпэўнена, што ў свеце ёсць шмат неверагодных кніжак,
напісаных аўтарамі, якія працавалі на іншых мовах, акрамя ангельскай.
Мне стала вельмі сумна ад таго, што мае чытацкія густы азначалі,
што, магчыма, я ніколі не пазнаёмлюся з іх творчасцю.
Таму я вырашыла прапісаць сабе
інтэнсіўную тэрапію глабальнага чытання.
2012 год абяцаў быць вельмі інтэрнацыянальным для Брытаніі;
гэта быў год Алімпійскіх гульняў у Лондане.
Таму я вырашыла скарыстацца гэтым, як часовай рамкай,
і паспрабаваць прачытаць раман, зборнік апавяданняў
або мемуар з кожнай краіны свету.
Так я і зрабіла.
І гэта было проста неверагодна,
я даведался пра некаторыя выключныя рэчы
і зрабіла некаторыя цудоўныя высновы,
якімі хацела б сёння падзяліцца з вамі.
Але пачыналася ўсё з даволі бытавых праблемаў.
Калі я вырашала, якім са шматлікіх спісаў краін свету
карыстацца для свайго праекта,
то нарэшце спынілася на спісе краінаў, прызнаных ААН,
да якога дадала Тайвань,
і ў выніку ў мяне атрымалася 196 краінаў.
Потым я разбіралася, як паспяваць чытаць
і пісаць у блог пра, у сярэднім, чатыры кніжкі на тыдзень,
працуючы пры гэтым пяць дзён на тыдзень.
Я да таго ж сутыкнулася з тым фактам, што мне, магчыма, не ўдасца
адшукаць кніжкі па-ангельску з кожнай краіны.
Толькі каля 4,5 адсоткаў апублікаваных літаратурных твораў
штогод у Вялікабрытаніі з'яўляюцца перакладамі,
і гэтая лічба больш-менш аднолькавая для ўсяго англамоўнага свету.
Хаця прапорцыя апублікаваных перакладзеных кніг
у многіх іншых краінах нашмат большая.
4,5 -- гэта даволі сціплы адсотак для пачатку,
але што вам не скажа гэтая лічба,
дык гэта тое, што многія з гэтых кніг будуць з краінаў
з моцнымі выдавецкімі сеткамі
і шматлікімі прафесіяналамі, якія мэтанакіравана прадаюць такiя кніжкі
англамоўным выдаўцам.
Напрыклад, хаця больш за 100 кніжак перакладаюцца з французскай
і выдаюцца ў Вялікабрытаніі штогод,
большасць з іх будзе з такіх краінаў, як Францыя ці Швейцарыя.
На франкамоўную Афрыку ж, з іншага боку,
рэдка хто кіне вокам.
Выснова ў тым, што ў свеце насамрэч даволі шмат нацыяў,
якія маюць вельмі мала, або зусім не маюць камерцыйна даступнай літаратуры
па-ангельску.
Іхныя кніжкі застаюцца па-за досягам чытачоў,
якія чытаюць на найбольш папулярнай у выдаўцоў мове.
Але калі справа дайшла да чытанкі з усяго свету,
найвялікшым выклікам для мяне было тое,
што я не ведала, з чаго пачаць.
Чытаючы ўсё жыццё амаль выключна брытанскія
ды паўночнаамерыканскія кніжкі,
я не ўяўляла сабе, як пачаць шукаць, знаходзіць кнігі
і выбіраць іх з мноства іншых з усяго свету.
У той час я не ведала, дзе шукаць апавяданне са Свазілэнду.
Я не ведала ніводнага добрага раману з Намібіі.
Я мушу прызнацца --
я была разгубленай літаратурнай ксенафобкай.
Дык як зрэшты я збіралася прачытаць увесь свет?
Я вырашыла звярнуцца па дапамогу.
Так у кастрычніку 2011 я зарэгістравала свой блог,
ayearofreadingtheworld.com, [год чытанкі свету]
і апублікавала кароткую абвестку анлайн.
Я патлумачыла, хто я такая,
наколькі вузкімі былі мае абшары чытання,
і папрасіла ўсіх, хто быў неабыякавы,
пакінуць паведамленне з прапановай таго, што варта прачытаць
з іншых частак планеты.
Вядома, я не ўяўляла, ці хто-небудзь увогуле зацікавіцца,
але праз некалькі гадзін пасля маёй анлайн-абвесткі
людзі пачалі пісаць.
Спачатку гэта былі сябры і калегі.
Потым гэта былі сябры сяброў.
І вельмі хутка гэта ўжо былі незнаёмыя людзі.
Праз чатыры дні пасля публікацыі абвесткі
я атрымала паведамленне ад жанчыны з імем Рафіда з Куала-Лумпур.
Яна сказала, што ёй спадабаўся мой праект,
і што яна магла б схадзіць у мясцовую англамоўную кнігарню
і выбраць для мяне кніжку з Малайзіі і даслаць яе па пошце.
Я з захапленнем прыняла прапанову,
і праз пару тыдняў
мне прыйшла пасылка не з адной, а адразу з дзвюма кніжкамі --
адной, выбранай Рафідай з Малайзіі,
і другой з Сінгапура, якую яна таксама для мяне абрала.
Тады я вельмі ўразілася тым,
як незнаёмка за 10 000 кіламетраў ад мяне
зрабіла так шмат для чалавека,
з якім яна, магчыма, ніколі не ўбачыцца.
Але дабрыня Рафіды апынулася прыкладам таго года.
Зноў і зноў людзі рабілі намаганні, каб дапамагчы мне.
Некаторыя праводзілі пошукі за мяне,
а некаторыя, падчас адпачынкаў і камандзіровак,
адмыслова заходзілі ў кнігарні дзеля мяне.
Апынулася, што калі хочаш прачытаць увесь свет,
калі хочаш спазнаць яго з адкрытым сэрцам,
свет дапаможа табе.
Калі я прыязджала ў краіны,
дзе было мала, ці зусiм не было камерцыйна даступнай літаратуры па-ангельску,
людзі ішлі яшчэ далей.
Кнігі часта прыходзілі з неверагодных крыніц.
Мая панамская кніжка, напрыклад, прыйшла праз размову,
якую я вяла з Панамскім каналам у Твітары.
Так, у Панамскага канала ёсць Твітар.
І калі я даслала туды твіт пра свой праект,
ён прапанаваў мне паспрабаваць пачытаць твор
панамскага аўтара Хуана Давіда Моргана.
Я знайшла сайт Моргана і даслала яму паведамленне,
запытаўшы, ці быў які-небудзь з яго гішпанамоўных раманаў
перакладзены на ангельскую.
Тады ён сказаў, што ніводны з перакладаў пакуль не быў выдадзены,
але ў яго быў адзін нявыдадзены пераклад
рамана "Залаты конь".
Ён даслаў мне яго ў мэйле,
дазволіўшы мне стаць адной з першых асобаў,
якія прачыталі гэту кнігу па-ангельску.
Морган, тым не менш, быў далёка не адзіным майстром слова,
які падзяліўся са мной сваёй працай такім чынам.
Ад Швецыі да Палаў,
пісьменнікі і перакладчыкі дасылалі мне самавыдадзеныя кнігі
і нявыдадзеныя манускрыпты кніжак,
якія не былі абраныя англафоннымі выдаўцамі,
або больш не былі ў продажы,
дазваляючы мне мець прывілеяваны доступ да некаторых выбітных выдуманых сусветаў.
Напрыклад, я прачытала
пра паўднёва-афрыканскага караля Нгунгунханэ, які кіраваў паўстаннем
супраць партугальцаў у 19 стагоддзі;
і пра вясельныя традыцыі маленькіх вёсак
на беразе Каспійскага мора ў Туркменістане.
Я сустрэла кувэйтскую версію Брыджыт Джоўнз.
(Смех)
І я прачытала пра оргію на дрэве ў Анголе.
Але, напэўна, самы выбітны прыклад таго,
наколькі далёка людзі былі гатовы пайсці,
каб дапамагчы мне прачытаць свет,
прыйшоў да мяне ўжо напрыканцы квэста,
калі я спрабавала адшукаць кніжку з маленечкай, партугаламоўнай
афрыканскай астраўной нацыі Сан-Тамэ і Прынсіпі.
Пасля некалькіх месяцаў спробаў адшукаць
кніжку, якая была б перакладзеная на ангельскую з гэтай краіны,
здавалася, што адзіным варыянтам было
паспрабаваць папрасіць, каб нехта проста пераклаў кніжку для мяне.
Я вельмі сумнявалася,
што нехта зможа мне дапамагчы ў той сітуацыі,
ахвяраваць свой час на такую справу.
Але ўжо праз тыдзень пасля таго, як я апублікавала заклік у Твітары і Фэйсбуку
для носьбітаў партугальскай мовы,
у мяне было больш людзей, чым я магла ўзяць у праект,
уключаючы Маргарэт Жул Коста, лідарку ў сваёй сферы,
якая перакладала працу Нобелеўскага лаўрэата Хасэ Сарамага.
З дапамогай дзевяці валанцёраў
мне ўдалася адшукаць кніжку аўтара з Сан-Тамэ,
якую я змагла набыць у патрэбнай колькасці копій анлайн.
Вось адна з іх.
Тады я адаслала копію кожнаму са сваіх валанцёраў.
Кожны з іх абраў пару апавяданняў з гэтага зборніка,
пераклаў іх, адаслаў свае пераклады мне,
і праз шэсць тыдняў у мяне была цэлая кніга.
У гэтым выпадку, як вельмі часта падчас майго года чытання свету,
маё няведанне і адкрытасць наконт сваіх абмежаванняў
сталі для мяне вялікай магчымасцю.
У выпадку з Сан-Тамэ і Прынсіпі,
гэта быў шанец не толькі даведацца пра нешта новае
і адкрыць для сябе новы зборнік апавяданняў,
але таксама з'яднаць групу людзей,
і скаардынаваць сумесны творчы парыў.
Мае слабасці сталі моцнымі бакамі праекта.
Кніжкі, якія я прачытала за той год, адкрылі мне вочы на шмат рэчаў.
І тыя, хто любіць чытаць, ведаюць,
што кнігі валодаюць экстраардынарнай сілай пераносіць вас з вашага цела
у чыёсьці іншае,
і такім чынам, прынамсі на нейкі час,
вам удаецца паглядзець на свет іншымі вачыма.
Гэта можа быць не самы прыемны досвед,
асабліва калі вы чытаеце кнігу
з культуры, чые каштоўнасці могуць вельмі адрознівацца ад вашых.
Але гэта можа таксама быць вельмі натхняльна.
Змаганне з незнаёмымі ідэямі можа дапамагчы праясніць свае ўласныя.
Яно можа дапамагчы нам знайсцi белыя плямы
ў тым бачанні свету, якое ў нас склалася.
Калі я, напрыклад, паглядзела на большасць англамоўнай літатаруры,
на якой я вырасла,
то ўбачыла, наколькі вузкай яна была
ў параўнанні з багаццем, якое можа прапанаваць нам свет.
Пакуль я перагортвала старонкі,
нешта яшчэ пачало адбывацца.
Крок за крокам,
спіс краінаў, з якога я пачынала год,
пераўтварыўся з сухога, акадэмічнага спісу назваў мясцінаў,
у жывыя, дыхаючыя істоты.
Вядома, я не кажу, што цалкам магчыма
атрымаць поўную карціну краіны, прачытаўшы ўсяго адну кніжку.
Але ўсе разам, гісторыі, якія я прачытала ў той год,
зрабілі мяне больш жывой, чым калі-небудзь,
чулай да багацця, разнастайнасці і комплекснасці нашай цудоўнай планеты.
Быццам бы гэтыя сусветныя гісторыі
і людзі, якія так многа зрабілi, каб дапамагчы мне прачытаць іх,
стварылі гэты свет рэальным для мяне.
Зараз, калі я гляджу на свае кніжныя паліцы
альбо праглядаю творы ў сваёй электроннай чытанцы,
яны распавядаюць зусім іншую гісторыю.
Гэта гісторыя пра сілу, якой кніжкі могуць нас звязваць,
нягледзячы на палітычныя, геаграфічныя, культурныя, сацыяльныя, рэлігійныя рознасці.
Гэта казка пра той патэнцыял да супрацы, якім валодаюць людзі.
І гэта тэстамент
таму неверагоднаму часу, у якім мы жывем, дзе пры дапамозе інтэрнэту
стала як ніколі лёгка
адной незнаёмцы падзяліцца гісторыяй, поглядам, кніжкай
з кімсьці, каго яна, можа, ніколі і не ўбачыць, з іншага краю планеты.
Я спадзяюся, што гэта -- гісторыя, якую я яшчэ доўга буду чытаць.
І я спадзяюся, што многія людзі да мяне далучацца.
Калі б мы ўсе чыталі шырэй, у выдаўцоў было б
больш матывацыі перакладаць больш кніжак,
і ўсе мы ад гэтага б узбагаціліся.
Дзякуй.
(Плясканні)