Tip:
Highlight text to annotate it
X
«Галоўнае пра танкі»
«Кампаноўка»
Кампаноўка. Як трэба кампанаваць танк?
Дзе размяшчаць экіпаж, куды ўсталёўваць рухавік,
дез паставіць гармату і кулямёты?
Першыя танкі ўжо на ўсю моц змагаліся на палях Першае сусветнае вайны,
а на гэтыя пытанні адказу не было.
Першыя танкі нагадвалі велізарную сталёвую скрыню на тракавых пасах,
у якой пасярэдзіне стаяў рухавік,
а гарматы і кулямёты размяшчаліся альбо ў корпусе,
альбо ў адмысловых выступах на бартах — спансонах.
Усярэдзіне машыны было невыносна горача, моцна трэсла,
а пры працяглай стральбе наводчыкі страчвалі прытомнасць ад парахавых газаў.
Сектары стральбы з танка былі абмежаванымі.
Увогуле, спачатку танкі былі даволі нязручнымі машынамі з абмежаванай дзейснасцю.
Удасканальваць танкі пачалі адразу, як тыя з’явіліся.
У англійскіх сярэдніх танках «Whippet» і нямецкіх лёгкіх LK-1 і LK-2
канструктары размясцілі рухавік у пярэдняй частцы корпуса,
адасобіўшы яго ад экіпажа металічнаю перагародкаю.
Танкістам стала зручней працаваць, а баявая дзейснасць танкаў павялічылася.
Потым рухавік усталёўвалі спераду на шматлікіх іншых машынах,
але ў выніку такая канструкцыя стала сустракацца вельмі рэдка.
Заканадаўцамі танкавае моды сталі французы,
якія сканструявалі ў 1916–1917 гадах лёгкі танк «Renault FT-17».
Гэтая машына не надта ўражвала на тле сваіх цяжкіх і сярэдніх братоў,
але ёй было наканавана зрабіць рэвалюцыю ў танкабудаванні:
менавіта ў машыне FT-17 упершыню выкарысталі класічную кампаноўку танка.
Канструктары Жан-Батыст Эцьен і Луі Рэно размясцілі механіка-кіроўцу спераду, у аддзяленні кіравання.
У цэнтральнай частцы танка было баявое аддзяленне.
Над ім усталёўвалася вежа кругавога павароту,
якая дазваляла з асноўнага ўзбраення танка страляць на 360 градусаў.
У кармавой частцы машыны знаходзіўся маторны адсек, у якім размяшчаліся рухавік, паліўныя бакі
і трансмісія — механізм, які перадае праз скрыні перадач рух ад вала рухавіка да вядучых колаў і тракавых пасаў.
Падобныя кампаноўкі (з невялікімі змяненнямі) ужываюцца і сёння,
і кожная кампаноўка мае свае перавагі і недахопы.
Класічная кампаноўка з заднім размяшчэннем трансмісіі
ўласцівая большасці савецкіх танкаў таго часу.
Плюсы — відавочныя: рухавік і трансмісію цяжка пашкодзіць пры стральбе з пярэдняе праекцыі,
экіпаж можна адасобіць ад гарачыні, шуму і выхлапу,
прасцей арганізаваць ахалоджванне агрэгатаў.
Мінус у тым, што вялікі аб’ём маторна-трансмісійнага адсека
прымушае ссоўваць вежу наперад адносна сярэдзіны корпуса.
Пры гэтым ссоўваецца і цэнтр цяжа́ру танка,
на пярэднія каткі прыпадае большая нагрузка,
а машына моцна разгойдваецца — таму падчас руху страляць значна цяжэй.
У канцы Вялікай Айчыннай вайны гэтае пытанне развязалі: павярнулі рухавік упоперак корпуса.
Класічную кампаноўку з пярэднім размяшчэннем трансмісіі
доўга выкарыстоўвалі нямецкія канструктары — напрыклад, у танках Pz III, Pz IV, «Panther» —
і амерыканскія — у танках «Sherman», «Stewart», «М3 Lee».
Спалучыўшы аддзяленне кіравання і трансмісійны адсек,
можна было размясціць баявое аддзяленне і вежу ў цэнтры корпуса —
і дабіцца такім чынам раўнамернага размеркавання масы,
спрасціць канструкцыю прывадаў кіравання.
Але танк з пярэдняю трансмісіяй быў вышэйшым,
бо па падлозе баявога аддзялення праходзіў карданны вал ад рухавіка.
Калі снарад трапляў у лоб машыны, пярэдняя трансмісія ламалася часцей.
І нарэшце, пашкоджаную трансмісію, размешчаную спераду, было складаней рамантаваць.
Падвядзём вынік.
Цяпер танкі кампануюцца пераважна па класічнай схеме:
спераду ў корпусе — аддзяленне кіравання,
пасярэдзіне — баявое аддзяленне і вежа,
у кармавой частцы — маторна-трансмісійнае аддзяленне.
Але мала пабудаваць і скампанаваць корпус танка — яго трэба даставіць да месца баёў.
Пра шасі танка мы раскажам у наступным выпуску.