Tip:
Highlight text to annotate it
X
«Музей ваеннае айчыннае гісторыі»
Уявіце: сярэдзіна 1943 года, вы — чырвонаармеец,
і вам хочацца зраўняць з зямлёю будынак,
а можа і цэлы квартал, які вам нечым не дагадзіў.
Найлепшае выйсце ў такім разе — паклікаць на дапамогу СУ-152,
бо гэтая СТ-САУ яшчэ і не такое магла.
Але ў верасні 1943 пачалася праца над заменаю для гэтае машыны.
Першаўзор пабудавалі ў кастрычніку,
а вырабляць пачалі ў снежні 43-га года.
Вядома, я кажу пра ИСУ-152,
і каб паглядзець на яе, мы зноўку вярнуліся ў Падзікава.
Канструктары ўлічылі недахопы папярэдніцы гэтае СТ-САУ.
На ИСУ-152 усталёўвалі іншы механізм кіравання,
іншыя прыцэлы,
і, што важна, — яна была лепей браніраваная.
Яна атрымала 90 мм брані, тады як СУ-152 мела толькі 60 мм.
Разгледзім мы яе звыклым парадкам:
спачатку звонку, а потым унутры.
Думаю, я ўлезу ў яе:
аддзяленне экіпажа выглядае даволі прасторным.
«Стань знаўцам танкаў»
«У камандзірскай рубцы»
ИСУ, вядома, будавалі на базе цяжкіх танкаў серыі ИС.
Лабавая дэталь першых мадэляў была адліваная, як гэтая,
а ў пазнейшых мадэлях — зварная.
Па серыйным нумары,
вы́гравіраваным на пярэдняй частцы корпуса і на назiральным акне механіка-кіроўцы,
можна вызначыць, калі машыну выпусцілі.
Першыя тры лічбы — 241 — гэта код машыны.
Наступная лічба — 4 — год выпуску, 1944-ы.
03 — сакавік.
Нарэшце, лічбы 154 значаць,
што гэта была 154-я машына, якая сышла з канвеера ў гэтым месяцы.
Адзначу таксама, што гэта мадэрнізаваная ИСУ:
некаторыя дэталі — такія, як краты на фарах, —
паваенная мадыфікацыя.
Падчас экскурсіі мы ўбачым і іншыя мадыфікацыі.
А яшчэ ў пярэдняй частцы машыны стаіць гудок — без яго ніяк.
Для абароны ў блізкім баі экіпаж мог страляць з асабістае зброі праз дзве байніцы.
З гэтага боку байніца завараная,
а з другога — у працоўным стане.
Буксіровачныя гакі, запасныя тракі
і, натуральная, вялікая гармата.
Рухаемся ўздоўж корпуса.
Яшчэ адна паваенная мадыфікацыя —
невялікая палічка для набору інструментаў.
Гэтыя, скажам так, невялікія жалабы —
месцы, куды прымацоўваецца брызентавы чахол,
якім можна было закруціць маску гарматы.
Як я ўжо казаў, ИСУ-152 мае браню лепшую, чым СУ-152.
Лабавая браня — таўшчынёй 90 мм, стаіць пад вуглом 30 градусаў.
Бакавыя бранявыя лісты — таўшчынёю 75 мм,
стаяць пад вуглом 15 градусаў у вертыкальнай праекцыі,
і выгнутыя ўнутр у гарызантальнай праекцыі.
Крыху далей знаходзяцца
габарытны агонь
і рыштунак.
Бліжэй да кармы знаходзяцца дадатковыя паліўныя бакі.
Першапачаткова на ИСУ ставілі чатыры 90-літровыя вонкавыя бакі.
У адрозненне ад такіх танкаў, як Т-34,
вонкавыя бакі — частка паліўнае сістэмы.
вонкавыя і ўнутраныя бакі злучаліся паліваправодамі.
Але на гэтай машыне стаяць не першапачатковыя бакі:
тут — бакі з паветраным кампрэсарам, усталяваныя пазней.
Шасі — цалкам ад танкаў серыі ИС.
Па 6 пар сталёвых каткоў з кожнага боку.
Гумовых бандажоў на катках няма.
Мне сказалі, што гэта каткі з унутранай амартызацыяй,
як у танка «Conqueror» і некаторых нямецкіх машын.
Кожны каток мае незалежную тарсіённую падвеску,
а таксама адбойнік рычага балансіра на борце машыны,
які не дае занадта моцна ссунуцца ўверх і зламаць тарсіён.
Накіроўнае кола вельмі падобнае да каткоў,
але, як мне сказалі, яны крыху адрозніваюцца.
Шырыня тракавых пасаў — 650 мм.
Гэта адліваныя тракавыя пасы даволі простае канструкцыі.
У адрозненне ад большасці савецкіх баявых машын,
тракі тут тоесныя, з цэнтральнаю накіроўнаю.
Тракі аднапальцавыя, пальцы злучаюцца сціскачом і шайбаю.
Напятасць тракавых пасаў — старая школа:
тут звычайная вінтавая сістэма.
Здымаеце планку, бераце вялікі шрубавы ключ
і круціце яго, каб зрушыць накіроўнае кола наперад або назад.
Вось і ўсё — тракавы пас напялі.
«У камандзірскай рубцы»
У задняй частцы корпуса браня таксама стаіць пад нахілам.
Магчыма, гэта было і неабавязкова.
Дабрацца да ўнутраных механізмаў можна некалькімі спосабамі.
Для звычайнага абслугоўвання трэба адчыніць вось гэтыя люкі,
пад якімі знаходзіцца трансмісія.
Цікавая асаблівасць, якую рэдка сустрэнеш у савецкіх машынах, —
гумовая падушачка, каб люк не біў па корпусе танка,
калі вы яго адкідваеце.
Для больш дэталёвага абслугоўвання
трэба адкруціць ніты па перыметры гэтае панэлі.
Краі панэлі маюць гумовую пракладку.
Дзякуючы тарсіённай штанзе на завесах панэль адчыняецца даволі лёгка.
Ну а калі трэба правесці поўнамаштабнае абслугоўванне,
давядзецца адкруціць яшчэ болей нітаў і зняць заднюю панэль цалкам.
Паліўныя бакі — паваенныя.
Магчыма, гэта бакі ад танка Т-72,
але дакладна не першапачатковыя.
Ніжэй знаходзяцца буксіровачныя гакі.
Габарытныя агні — такія, як гэты.
З левага боку — месца для бервяна —
яшчэ адна паваенная мадыфікацыя.
На рускамоўным форуме ўвесь час пытаюцца:
«Ну чаму ён заўжды кажа пра бервяно, быццам гэта нешта цікавае?»
Але ж гэта і праўда цікава!
Бо толькі на савецкіх танках ёсць бервяно.
А для гледачоў на захадзе, якія не ведаюць, навошта тут бервяно, патлумачу:
яно для таго, каб калі танк захрас у гразі, ён мог самастойна выбрацца.
Трэба прычапіць бервяно ўпоперак тракавых пасаў
і праехаць наперад прыкладна на палову даўжыні тракаў.
Такім чынам, танку будзе дастаткова счаплення,
каб выбрацца з гразі, або калі ён сеў на дно.
Потым вяртаеце бервяно на борт і працягваеце рухацца.
«У камандзірскай рубцы»
Крыху злева і ўверсе трэцяга катка знаходзіцца люк:
праз яго было зручней загружаць снарады,
і танкістам не трэба было цягаць 152-міліметровыя снарады праз дах машыны.
Маторнае аддзяленне ИСУ-152 вельмі падобнае да маторных аддзяленняў іншых машын той эпохі.
Яно добра браніраванае.
Вентыляцыйныя адтуліны знаходзяцца па баках,
і яшчэ адна вялікая — ззаду, для трансмісійнага аддзялення.
Гэты невялікі купал сістэмы ахалоджвання,
звычайны для танкаў серыі ИС,
крыху перашкаджае, калі спаць на карме машыны.
Тут могуць размясціцца два чалавекі —
няблага, дый наогул тут будзе цёпла і ўтульна, калі рухавік працаваў цэлы дзень.
Пад вечкам маторнага аддзялення знаходзіцца рухавік В-2ИС.
Маторнае аддзяленне даволі цяжка браніраванае.
На шчасце, вечка люка мае заглушку,
таму не даводзілася падымаць увесь люк цалкам,
каб атрымаць доступ да бака з холадагентам.
В-2ИС — гэта дызельны рухавік магутнасцю 520 к.с.
Тут таксама стаіць шматцыклонны паветраны фільтр.
Каб запусціць рухавік у вельмі халоднае надвор’е,
выкарыстоўвалі абагравальнік у паветраным фільтры.
Паліва ўпырскваецца ў абагравальнік,
дзе знаходзіцца высакавольтная свечка запальвання.
Паветра з уваходу награваецца,
і рухавік завесці значна прасцей.
У сістэме ахалоджвання ёсць абагравальнік кнотавага тыпу,
які не толькі падагравае холадагент,
каб ён не быў змёрзлым пры запуску рухавіка,
але яшчэ і абагравае аддзяленне экіпажа.
А яшчэ ёсць сістэма запуску рухавіка са сціснутым паветрам,
таму гэтая машына магла працаваць і выконваць задачы ў халоднае надвор’е.
Зараз я апушчу вечка…
спадзяюся, я не зламлю сабе спіну.
Канцэпцыя браніраванасці на большасці савецкіх танкаў
тычылася нават накрывак гарлавін бакаў для алівы і паліва.
З дапамогаю квадратнага шрубавага ключа
трэба доўга адкручваць гэтую накрыўку.
Мы яе ўжо крыху адкруцілі.
Бачыце, які гэта тоўсты кавалак металу?
А гэта ўсяго толькі накрыўка.
З кожнага боку — па выхлапной трубе.
Дым выходзіць убок, проста над паліўнымі бакамі.
Праўда, паліва дызельнае, і гэта наўрад ці неяк нашкодзіць бакам.
Лічыцца, што вонкавыя паліўныя бакі — гэта не вельмі добра.
Але насамрэч гэта не так кепска, як часта думаюць.
Па-першае, хутчэй за ўсё, бакі ўжо будуць парожнія,
калі машына ўступіць у бой,
дый увогуле іх да таго часу могуць паспець скінуць.
Па-другое, калі бак поўны, ён не загарыцца,
бо там не будзе кіслароду.
Калі бак прабілі і паліва выцякае збоку,
яно будзе гарэць па-за танкам — калі наогул будзе гарэць, —
або проста выцеча на зямлю.
Не такая ўжо гэта і вялікая праблема.
У задняй частцы надбудовы з боку набойца
знаходзіцца вялікі двухстворкавы люк,
праз які вельмі лёгка залазіць у машыну.
Верхняя створка адкідваецца наперад,
ніжняя, адпаведна, назад.
Створка даволі тугая, таму…
крыху схітрым.
Люк вельмі тоўсты.
І зусім не лёгкі.
Прымацоўваецца ён двума трымальнікамі.
Браня ў карме танка…
прабачце, у СТ-САУ,
таўшчынёю 75 мм —
даволі тоўстая браня.
Пакладу я лепей гэты лом…
Правей знаходзіцца трэцяя байніца для асабістае зброі,
напрыклад, аўтамата.
Таксама тут можна было ўсталяваць шворан для кулямёта,
весці агонь з якога маглі танкісты,
якія сядзяць у задняй частцы рубкі.
Люк замковага стаіць на шарнірным кольцы,
таму можна павярнуць кулямёт,
каб замковы мог страляць наперад.
Люкаў для экіпажа ИСУ мае дастаткова.
Акрамя вялікага люка набойца і люка замковага,
пасярэдзіне справа знаходзіцца люк камандзіра,
а злева — люк механіка-кіроўцы.
Перад люкам механіка-кіроўцы ёсць невялікая адтуліна для паліўнага бака механіка-кіроўцы —
так, ён мае ўласны бак.
І, нарэшце,
браніраваны кажух вентылятара знаходзіцца проста пасярэдзіне.
На гэтым мы скончым першую частку,
а ў наступнай, натуральна, залезем унутр.