Tip:
Highlight text to annotate it
X
“Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі” (Лк 2,14)
Дарагія браты і сёстры у Рыме і ва ўсім свеце, добры дзень і шчаслівага Божага Нараджэння!
Я далучаюся да спеву анёлаў, якія аб’явіліся бэтлеемскім пастухам у ноч нараджэння Езуса.
Спеву, які яднае зямлю і неба, скіроўваючы да неба праслаўленне і хвалу, а на зямлю людзей пажаданне спакою.
Заклікаю ўсіх далучыцца да гэтага спеву:
ён для кожнага чалавека, які чувае ў ноччы,
які спадзяецца на лепшы свет, клапоціцца аб іншых намагаючыся пакорна выконваць уласныя абавязкі.
Хвала Богу!
Да гэтага, у першую чаргу, заклікае Божае Нараджэнне: хваліць Бога, за тое, што Ён добры, верны і міласэрны.
У гэты дзень жадаю ўсім распазнаць сапраўднае аблічча Бога, Айца, які нам падырыў Езуса.
Жадаю ўсім адчуць, што Бог блізка, прабываць у Яго прысутнасці, любіць Яго і шанаваць.
Кожны з нас можа праславіць Бога, перш за ўсё жыццём пражытым дзеля любові да Яго і братоў.
Спакой людзям.
Сапраўдны спакой, мы гэта ведаем – не з’яўляецца раўнавагай паміж супрацьлеглымі сіламі.
Гэта не прыгожы “фасад” за якім знаходзяцца супрацьстаянне і падзелы.
Спакой – гэта штодзённае заданне, ён будуецца, развіваецца пачынаючы ад дару Божага,
Яго ласкі, якая дала нам Езуса Хрыста.
Гледзячы на Дзіцятка ў яслях, Дзіцятка спакою, падумаем пра дзяцей, якія з’яўляюцца самымі ўразлівымі ахвярамі войнаў,
але падумаем таксама пра пажылых,
зневажаных жанчын, хворых …
Войны абрываюць і раняць шматлікія жыцці!
Многія з іх былі абарваны ў апошні час у выніку канфлікта ў Сірыі, распальваючы нянавіць і помсту.
Працягнем маліць Пана, каб пазбавіў умілаваны сірыйскі народ ад новых пакутаў
канфліктуючыя бакі паклалі канец насіллю і гарантавалі доступ да гуманітарнай дапамогі.
Мы бачылі, наколькі моцнай з’яўляецца малітва!
Я рады, што сёння да нашай малітвы за мір у Сірыі далучаюцца таксама вернікі розных рэлігійных канфесій.
Не будзем ніколі губляць малітоўнай адвагі!
Адвагі казаць: Пане, падары спакой Сірыі і ўсяму свету.
Заклікаю таксама няверуючых жадаць спакою, такім жаданнем, якое напаўняе сэрца:
усе разам, ці малітвай ці жаданнем. Але ўсе разам, дзеля міру.
Дзіцятка, адары спакоем Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку, часта забытую людзьмі.
Але Ты, Пане, не забываеш нікога!
Хочаш прынесці спакой таксама і на гэту зямлю, прадзёртую спіраллю насілля і беднасці,
дзе многія людзі не маюць дома, вады і ежы, не маюць неабходнага мінімума для жыцця.
Паспрыяй згодзе у Паўднёвым Судане,
дзе трываючая напружанасць ужо справакавала шматлікія ахвяры і пагражае мірнаму суіснаванню ў гэтай маладой дзяржаве.
Ты, Валадар спакою, навярні сэрцы ўсіх гвалтоўных, каб адклалі зброю
і паўсталі на шлях дыялога.
Паглядзі на Нігерыю, прадзёртую нападамі тых, хто не шкадуе нявінных і безабаронных.
Благаславі Зямлю, якую выбраў, каб прыйсці на гэты свет
і дазволь дасягнуць шчаслівага выніку мірным перамовам паміж ізраіліцянамі і палестынцамі.
Залячы раны ўмілаванага Іраку, які яшчэ перажывае частыя напады.
Ты, Пан жыцця, абарані тых, каго пераследуюць з-за Твайго імя.
Адары надзеяй і суцяшэннем уцекачоў і бежанцаў,
асабліва з Афрыканскага Рогу і усходу Дэмакратычнай Рэспублікі Конга.
Учыні, каб тыя, хто мігруюць у пошуку годнага жыцця, знайшлі гасціннасць і дапамогу.
Няхай трагедыі, накшталт тых, якія мы бачылі ў гэтым годзе, са шматлікімі памерлымі на Лампедузе, не здараліся больш ніколі!
Бэтлеемскае Дзіця, дакраніся да сэрцаў усіх уключаных у гандль людзьмі,
каб зрабілі сабе справаздачу з цяжкасці гэтых злачынстваў супраць чалавецтва.
Скіруй свой позірк да шматлікіх дзяцей, якія былі выкрадзены, паранены і забіты ва ўзброенных канфліктах,
якія былі пераменены ў салдат, у якіх скралі дзяцінства.
Пан неба і зямлі, паглядзі на нашу планету,
якую прагнасць і жаданне нажывы людзей, выкарыстоўваюць бязладным чынам.
Падтрымай і абарані ахвяраў прыродных катаклізмаў,
перш за ўсё філіпінскі народ, цяжка паранены тайфунам, якія адбыўся нядаўна.
Дарагія браты і сёстры, сярод гэтага свету і чалавецтва сёння нарадзіўся Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан.
Спынімся перад бэтлеемскім Дзіцяткам.
Дазволім, каб наша сэрца ўзварушылася,
не будзем баяцца гэтага!
Не будзем баяцца таго, каб наша сэрца ўзварушылася!
Мы маем патрэбу у тым, каб наша сэрца ўзварушылася!
Дазволім сагрэць яго пяшчотай Бога; мы маем патрэбу ў Яго пяшчоце.
Пяшчота Бога не раніць:
пяшчота Бога дае спакой і сілу.
Мы маем патрэбу ў яго пяшчоце.
Бог – вялікі ў любові, Яму праслаўленне і хвала на векі!
Бог – гэта спакой: папросім, каб дапамог штодзённа будаваць яго,
ў нашым жыцці, сем’ях, гарадах і краінах,
ва ўсім свеце
Дазволім узварушыць сябе дабрынёй Бога.